Пасьля поўначы 22 чэрвеня невялікі горны хрыбет, прыкладна за 200 кілямэтраў на паўднёвы захад ад іранскай сталіцы, ускалыхнула сэрыя моцных выбухаў.
Гэты горны хрыбет — Фордаў, дзе Іран гадамі будаваў велізарны падземны комплекс для ўзбагачэньня ўрану, прызначанага для выкарыстаньня ў грамадзянскіх электрастанцыях. Або, як настойвае Ізраіль, для вырабу ядзернай зброі.
Выбухалі найбуйнейшыя бомбы з арсэналу ЗША — 13-тонныя GBU-57 Massive Ordnance Penetrator. Іх даставіў адзін з самых сучасных самалётаў ваенна-паветраных сіл ЗША — бамбавік B-2.
Калі асядзе пыл над Фордаў і двума іншымі аб’ектамі, атакаванымі амэрыканскімі снарадамі, стане зразумела, што менавіта гэта значыць.
- Ці выбухне поўнамаштабная вайна?
- Ці адпомсьціць Іран амэрыканскім базам у рэгіёне?
- Ці перакрые Тэгеран пастаўкі нафты ва ўсім сьвеце праз Армускі праліў?
- Ці працягне Ізраіль беспрэцэдэнтны абстрэл іранскіх абʼектаў?
- Ці ўцягнуцца Злучаныя Штаты ў чарговую поўнамаштабную вайну на Блізкім Усходзе?
Піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель.
Што адбылося?
Прыкладна а 2:30 ночы па мясцовым часе (1:30 па менскім) эскадрыльля зь сямі бамбардзіроўшчыкаў B-2, праляцеўшы тысячы кілямэтраў з сваіх баз на Сярэднім Захадзе ЗША, скінула 14 бомбаў GBU-57, вядомых таксама як «бункерабойныя» за іх здольнасьць пранікаць глыбока ў зямлю, а затым выбухаць з затрымкай дэтанацыі.
Адначасова больш за два дзясяткі крылатых ракет Tomahawk былі выпушчаны амэрыканскай падлодкай у Пэрсыдзкім заліве па іншым іранскім ядзерным абʼекце — Ісфахану.
Дзьве бомбы GBU-57 таксама былі скінуты на трэці абʼект — Натанз.
Усяго было задзейнічана 125 амэрыканскіх самалётаў, у тым ліку зьнішчальнікі суправаджэньня і самалёты-запраўшчыкі, паведамілі афіцыйныя асобы ЗША.
Што было пашкоджана?
Іранскія ўлады ў цэлым пацьвердзілі атаку. А прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што абʼекты ў Фордаў, Натанзе і Ісфахане былі «цалкам і поўнасьцю зьнішчаны».
Аднак няма яснасьці, што менавіта было пашкоджана і ў якой ступені.
Натанз і Ісфахан ужо былі мішэнямі для ізраільскіх самалётаў падчас мінулых 10 дзён жорсткіх авіяўдараў.
Паводле Nuclear Threat Initiative, аналітычнага цэнтру з Вашынгтону, у Ісфахане раней вырабляліся паліўныя стрыжні для атамных электрастанцый, хоць гэтая вытворчасьць запаволілася праз заходнія санкцыі.
У Натанзе пад зямлёй месьціцца ня менш за 50 000 цэнтрыфуг, паведамляе аналітычны цэнтар. Аднак ня так глыбока, як у Фордаў.
Фордаў уяўляў асаблівую цікавасьць для ізраільскай выведкі, а таксама для амэрыканскіх ведамстваў, бо месьціўся глыбока ў горным масіве. На ім былі тысячы цэнтрыфуг, якія выкарыстоўваліся для ўзбагачэньня ўрану.
Да пэўнай мяжы ўзбагачаны ўран выкарыстоўваецца ў якасьці паліва для электрастанцый. Калі гэты ўзровень перавысіць, уран становіцца прыдатным для выкарыстаньня ў ядзерных бомбах.
Больш за 400 кіляграмаў газу гэксафтарыду ўрану — ключавога этапу працэсу ўзбагачэньня — ужо было ўзбагачана да 60 працэнтаў, паведаміла МАГАТЭ ў сваім дакладзе ў мінулым месяцы. Гэты ўзровень лічыцца высокаўзбагачаным, але ня збройным. Канфідэнцыйны даклад 2023 году, які бачыла CNN, паведамляў, што МАГАТЭ выявіла ў Фордаў уран, блізкі да збройнага.
Іран неаднаразова запэўніваў, што ягоная ядзерная праграма прызначана выключна для грамадзянскіх мэтаў.
Ці адкажа Іран?
Ізраіль вітаў атакі, заявіўшы, што яны былі «вырашальным крокам у спыненьні агрэсіі іранскага рэжыму і яго здольнасьці ўяўляць пагрозу для рэгіёну і сьвету».
Іранскія ж чыноўнікі адрэагавалі асуджэньнем, папярэдзіўшы пра «небясьпечныя наступствы і далёкасяжныя вынікі [амэрыканскага] акту агрэсіі». Кіраўнік МЗС Ірану Абас Аракчы абвясьціў, што ляціць у Расею — блізкага, хоць і стрыманага хаўрусьніка Ірана — для перамоваў з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.
Аракчы усё ж дапусьціў магчымасьць кампрамісу, сказаўшы, што «дзьверы для дыпляматыі» заўсёды павінны быць адчыненымі. Але, дадаў ён, «цяпер гэта ня так».
Напярэдадні бамбаваньняў Вашынгтон моцна ціснуў на Тэгеран, патрабуючы заключыць ядзерную ўгоду.
Ці гатовы Іран пайсьці на поўнамаштабную вайну, або ўдарыць па амэрыканскіх вайсковых абʼектах на Блізкім Усходзе, застаецца адкрытым пытаньнем.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, галоўнае вайсковае падразьдзяленьне Ірана, заявіў, што краіна пакідае за сабой права адказаць у парадку самаабароны і папярэдзіў пра «сумныя наступствы» для ЗША, перадало дзяржаўнае агенцтва навін IRNA.
У студзені 2020 году, пасьля таго як амэрыканскі бесьпілётнік выпусьціў ракету, якая забіла высокапастаўленага іранскага генэрала, Іран адказаў шквалам балістычных ракет па абʼектах ЗША ў Іраку, уключаючы авіябазу Аль-Асад. Сьмерцяў не было, але каля 100 амэрыканскіх вайскоўцаў атрымалі раненьні.
Злучаныя Штаты маюць базы ў Катары, Кувэйце, Саудаўскай Арабіі і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. У Бахрэйне месьціцца штаб 5-га флёту паветрана-марскіх сілаў ЗША.
Тым ня менш, незразумела, ці здатны Іран увогуле адказаць.
За 10 дзён ізраільскіх абстрэлаў многія іранскія ракетныя абʼекты, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны і заводы па вытворчасьці зброі былі пашкоджаны або зьнішчаны.
Аднак Іран мае і іншыя інструмэнты — правядзеньне кібэратак або закрыцьцё Армускага праліву — вузкага месца з Пэрсыдзкага заліву ў Індыйскі акіян, празь якое праходзіць асноўны трафік нафтавых танкераў па шляху на сусьветныя рынкі. Ягонае закрыцьцё стала б катастрофай для цэн на нафту.
Чаму гэта важная падзея і для ўнутранай палітыкі ЗША?
Атака сталася пераломным момантам для Трампа, чый палітычны посьпех часткова тлумачыўся стомленасьцю амэрыканцаў ад наступстваў уварваньняў ЗША ў Аўганістан і Ірак, а таксама амэрыканскіх вайсковых апэрацый у Сырыі.
За некалькі дзён да 22 чэрвеня ў амэрыканскіх палітычных колах ішлі адкрытыя спрэчкі наконт таго, ці варта адміністрацыі Трампа зноў уцягваць амэрыканскіх вайскоўцаў у чарговы канфлікт на Блізкім Усходзе.
Пасьля атакі Трам і іншыя чыноўнікі падкрэсьлівалі, што мэтай не была «зьмена рэжыму», а толькі прадухіленьне стварэньня ядзернай зброі.
У Кангрэсе дэмакраты асудзілі напад, а большасьць рэспубліканцаў яго падтрымала.
Форум