Сьцісла:
- Вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік тых намаганьняў і пасьлядоўных дзеяньняў, які прыкладаюць ЗША ў гэтым кірунку вось ужо не працягу некалькіх месяцаў
- Лукашэнку турбуе, што будзе пасьля расейска-ўкраінскай вайны, ці будуць улічаныя інтарэсы Беларусі ў мірным працэсе і ўвогуле пасьляваенным сьвеце.
- Любое ўзаемадзеяньне Лукашэнкі зь міжнароднымі структурамі, з нацыянальнымі ўрадамі ў пэўным сэнсе спрыяе разбурэньню таго стэрэатыпу, што Беларусь ужо цалкам страціла сваю незалежнасьць.
- Калі Лукашэнка кажа пра пагрозы сувэрэнітэту і незалежнасьці для нашай краіны — ён не ўдакладняе, з якога боку. Але лёгка можна зразумець гэта, як пагрозы з боку Расеі.
— Чаму стаў магчымым візыт амэрыканскага спэцпасланьніка Кіта Келага ў Менск і вызваленьне 14-ці палітвязьняў, у тым ліку вядомых і знакавых фігураў? Якія абставіны і тэндэнцыі зьліліся, каб стаў магчымым такі сэнсацыйны вынік?
— Вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік тых намаганьняў і пасьлядоўных дзеяньняў, які прыкладаюць ЗША ў гэтым накірунку вось ужо на працягу некалькіх месяцаў. Перамовы, як вядома, вядуцца ўжо ад жніўня мінулага году.
Мы бачым, як у выніку папярэдніх візытаў амэрыканскіх прадстаўнікоў у Менск ужо вызваляліся людзі, грамадзяне ЗША і Беларусі. Цяперашні візыт Келага стаў працягам ранейшых сустрэчаў. Так што сёньняшняя падзея — гэта адназначны вынік такой актыўнай дыпляматыі Вашынгтону на беларускім кірунку. Яны ідуць на перамовы, шукаюць нестандартныя варыянты — і мы бачым, што толькі такія практычныя крокі могуць прывесьці да вырашэньня праблемы з палітзьняволенымі.
— Аднак відавочна, што Менскі рэжым хоча нешта атрымаць узамен на вызваленьне палітвязьняў? Што гэта можа быць?
— Беларускі крызіс мае два асноўныя кампанэнты — гуманітарны крызіс і крызіс бясьпекі ў рэгіёне. У гэтым сэнсе Лукашэнка будзе імкнуцца да атрыманьня нейкіх выгодаў, зьвязаных менавіта з гэтымі тэмамі. То бок гэта зьняцьці ці паслабленьне санкцыяў і пытаньні бясьпекі.
Лукашэнку турбуе, што будзе пасьля расейска-украінскай вайны, ці будуць улічаныя інтарэсы Беларусі ў мірным працэсе і ўвогуле ў пасьляваенным сьвеце.
Я мяркую, гэта галоўныя рэчы, якія былі на парадку дня перамоваў сёньня. І яшчэ дадам, што гэта пытаньне працы амбасады ЗША ў Беларусі, якая знаходзіцца ў зачыненым стане ад лютага 2022 году, калі амэрыканскія дыпляматы былі эвакуаваныя ў Вільню. Для таго, каб падтрымліваць сталую сувязь паміж Вашынгтонам і Менскам — працы амбасады вельмі не хапае.
— Калі ў лютым 2020-га году тагачасны Дзяржсакратар Майкл Пампэа прыяжджаў у Менск, то гэта безумоўна ўспрымалася як спроба ЗША нейкім чынам адцягнуць Беларусь ад Расеі. Ці можа і зараз прысутнічаць такі аспэкт ці на сёньня гэта малаімаверна?
— Я думаю, гэты аспэкт не зьяўляецца цэнтральным на сёньня. Усё ж Келаг прадстаўнік па Украіне, і гэта для яго цэнтральнае пытаньне. Аднак ва ўмовах, калі беларускі сувэрэнітэт вельмі моцна падарваны, асабліва пасьля 2020-га і 2022 году, — то можна сказаць, што любое ўзаемадзеяньне Лукашэнкі з міжнароднымі структурамі, з нацыянальнымі ўрадамі ў пэўным сэнсе спрыяе разбурэньню таго стэрэатыпу, што Беларусь ужо цалкам страціла сваю незалежнасьць.
— Афіцыйны Менск падкрэсьліў, што галоўная тэма візыту — гэта пытаньне бясьпекі. Што канкрэтна гэта азначае?
— Лукашэнка вельмі занепакоены тым, як скончыцца вайна і ці будуць далей улічвацца інтарэсы Беларусі, як будзе выглядаць архітэктура бясьпекі ў рэгіёне. Бо тое, што Беларусі страціла шмат сувэрэнітэту за гэты час — гэта відавочна.
Калі Лукашэнка кажа пра пагрозы сувэрэнітэту і незалежнасьці для нашай краіны — ён не ўдакладняе, з якога боку. Але лёгка можна зразумець гэта, як пагрозы з боку Расеі.
Таму для Менску такія сустрэчы — важны канал для абмеркаваньня такіх пагрозаў. Зразумела, публічна гэта ня будзе агучвацца.
— Ці можна меркаваць, што днямі будуць абвешчаны нейкія канкрэтныя крокі. На якія пойдуць ЗША ў адказ на жэст Менску?
— Калі ўзгадаць прапанову ЗША Менску ў лютым гэтага году, то размова вялася пра аслабленьня ці зьняцьце санкцыяў на калій і банкаўскіх санкцыяў у адказ на вызваленьне значнай колькасьці палітзьняволеных Беларусі. На сёньня гэта толькі 14 чалавек — добры крок у слушным накірунку — але недастаткова для таго, каб зьняць і паслабіць санкцыі ўжо зараз.
У гэтым сэнсе важная пазыцыя эўрапейскіх партнэраў, якія дагэтуль займаюць жорсткую пазыцыю, што санкцыі можна здымаць толькі пасьля заканчэньня вайны. Бо яны даюць магчымасьць рэжыму зарабляць, і такім чынам падтрымліваць вайну супраць Украіны. Так што тут шмат будзе залежыць ад таго, ці будуць здольныя эўрапейцы перагледзець сваю палітыку і падтрымаць амэрыканскі падыход.
Магу таксама выказаць здагадку. Нядаўна амэрыканцы абвесьцілі пра ўвядзеньне візавых абмежаваньняў для грамадзянаў розных краінаў. І вядома, што ў першапачатковым праекце фігуравала і Беларусь. Але ў канчатковым афіцыйным дакумэнце Беларусі няма. І гэта можа разглядаць як пэўную саступку Вашынгтону, каб для беларускіх грамадзянаў не прымяняліся новыя візавыя абмежаваньні.
Форум