Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст RFE/RL Уладзіслаў Есіпенка выйшаў на волю зь вязьніцы ў акупаваным Крыме


Уладзіслаў Есіпенка, 22 чэрвеня 2025 году
Уладзіслаў Есіпенка, 22 чэрвеня 2025 году

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) вітае вызваленьне Ўладзіслава і дзякуе ўрадам ЗША і Ўкраіны за намаганьні па яго вяртаньні дадому.

Украінскі журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) Уладзіслаў Есіпенка вызвалены з расейскага палону ў акупаваным Крыме.

Прэзыдэнт і генэральны дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў:

«Больш за чатыры гады Ўлад быў адвольна пакараны за злачынства, якога не зьдзяйсьняў. Ён заплаціў занадта высокую цану за тое, што паведамляў праўду пра тое, што адбывалася ў акупаваным Расіяй Крыме. За гэта яго катавалі, фізычна і псыхалягічна. Пакуль мы сьвяткуем яго радаснае ўзьяднаньне з жонкай Кацярынай і іх маленькай дачкой Стэфаніяй, мы ня можам ігнараваць боль гэтай сямʼі, прычынены расейскімі ўладамі.

RFE/RL выказвае глыбокую падзяку ўрадам ЗША і Ўкраіны за супрацоўніцтва з намі, каб несправядлівае затрыманьне Ўлада не было працягнута. Мы таксама дзякуем сусьветнай супольнасьці па свабодзе прэсы за іх нястомную працу ў абарону адданых журналістаў RFE/RL».

Гэта адбылося пасьля вызваленьня былога журналіста RFE/RL Ігара Карнея 21 чэрвеня і журналіста RFE/RL Андрэя Кузьнечыка ў лютым зь несправядлівага зьняволеньня ў Беларусі дзякуючы значным намаганьням адміністрацыі Трампа.

Уладзілаў Есіпенка з жонкай Кацярынай, архіўнае фота
Уладзілаў Есіпенка з жонкай Кацярынай, архіўнае фота

Уладзіслаў Есіпенка, які мае двайное грамадзянства, расейскае і ўкраінскае, быў арыштаваны і ўзяты пад варту 10 сакавіка 2021 году. У лютым 2022-га прызначаны Расеяй суд у Крыме пакараў яго 6 гадамі пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў шпіянажы. Ён сам, ягоны працадаўца і праваабарончыя арганізацыі называюць гэтыя абвінавачаньні сфабрыкаванымі.

Празь некалькі месяцаў супраць яго выставілі новае абвінавачаньне — нібыта ў «незаконным захоўваньні і перавозцы выбуховых рэчываў», якое ён катэгарычна адпрэчыў. Пазьней пракуратура прызнала, што граната, «знойдзеная» ў яго аўтамабілі, ня мела ягоных адбіткаў пальцаў.

На судзе Есіпенка таксама адхіліў абвінавачаньні ў зборы выведных дадзеных для Ўкраіны. Пазьней вышэйшы кантраляваны Масквой суд у Крыме скараціў ягоны тэрмін да 5 гадоў зьняволеньня.

Падчас судовага разбору ён заявіў, што зазнаў катаваньні з прымяненьнем электрычнага току, каб прымусіць яго прызнацца ў злачынстве.

У верасьні 2023 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шасьці чалавек, у тым ліку двух судзьдзяў, пракурора ў справе Есіпенкі і двух супрацоўнікаў ФСБ Расеі, якіх ЭЗ прызнаў датычнымі да яго катаваньняў.

Акцыя з патрабаваньнем вызваленьня Ўладзіслава Есіпенкі ў Кіеве. Ліпень 2021 году
Акцыя з патрабаваньнем вызваленьня Ўладзіслава Есіпенкі ў Кіеве. Ліпень 2021 году

Ягоная жонка, Кацярына Есіпенка, вяла кампанію за яго вызваленьне.

«Мой муж вінаваты толькі ў тым, што расказваў сьвету аб тым, што адбываецца ў акупаваным Крыме», — заявіла яна ў кастрычніку на канфэрэнцыі ў Канадзе, прысьвечанай распрацоўцы пляна па вяртаньні ўкраінскіх зьняволеных з расейскіх турмаў.

«Ён ведаў, што гэта небясьпечна, але ягоная адданасьць сваёй краіне і праўдзе была мацней страху».

Да арышту Есіпенка асьвятляў сацыяльныя і экалягічныя праблемы Крыма, у тым ліку жыцьцё крымскіх татараў, экалягічныя крызісы і наступствы расейскай акупацыі рэгіёну.

Ягонага вызваленьня патрабавалі буйныя міжнародныя арганізацыі, такія як Камітэт абароныжурналістаў (CPJ), Amnesty International, «Рэпартэры без межаў» і PEN America.

З моманту арышту Есіпенка быў адзначаны шэрагам прэмій за сваю працу.

У лістападзе 2022 году ён атрымаў Нацыянальную прэмію Ўкраіны імя Ігара Лубенкі за абарону свабоды слова. Раней, у траўні 2022 году, яму была прысуджана амэрыканская прэмія PEN/Barbey Freedom to Write Award, якая ўручаецца палітычным зьняволеным.

Масква незаконна анэксавала Крым у пачатку 2014 году і неўзабаве падтрымала прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Па дадзеных Камітэта абароны журналістаў, расейскія ўлады сыстэматычна абмяжоўвалі свабоду СМІ і перасьледавалі журналістаў, якія выступалі супраць акупацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG