Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледнікі расказалі, праз што ў Беларусь прасоўваецца «русский мир» і як гэтаму процідзейнічаць


Афішы ў Беларусі
Афішы ў Беларусі

Беларускія дасьледнікі правялі онлайн-дыскусію пра маштаб і інструмэнты культурна-гуманітарнай экспансіі Расеі ў Беларусі і магчымасьці ад яе абараніцца. Пагроза беларускай ідэнтычнасьці вызначана як велізарная, а цяперашняе становішча — блізкае да катастрофы.

Праблемы абмеркавалі гісторык, прафэсар Павал Церашковіч, кандыдат філязофскіх навук Павал Баркоўскі, сацыёляг і дасьледнік гістарычнай памяці Аляксей Ластоўскі і мэнэджар сацыяльна-культурніцкіх ініцыятываў Надзея Гарэцкая — усе чацьвёра працуюць за межамі краіны, але працягваюць, як выказаўся вядомы беларускі філёзаф Уладзімер Фурс, «думаць Беларусь». Размова адбылася на пляцоўцы, створанай Інстытутам разьвіцьця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Гэта ўжо трэцяя дыскусія ў межах сэрыі «Пяць гадоў супрацьстаяньня: Quo vadis, Беларусь? (Куды ідзеш, Беларусь? — РС)».

Як наступае «мяккая сіла»

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Кандыдат гістарычных навук Павал Церашковіч дасьледаваў інструмэнты «русского мира», празь якія Расея па ўсім сьвеце праводзіць культурніцкую і палітычную экспансію. Сярод 190 краінаў сьвету, на якія нацэліліся расейскія арганізацыі ўплыву, Беларусь займае асаблівае месца — тут у іх дасягненьняў як нідзе, мяркуе дасьледнік.

  • Галоўным інструмэнтам расейскай «мяккай сілы» Павал Церашковіч называе фонд «Россотрудничество», які ад свайго ўтварэньня ў 2008 годзе пашырыўся ўжо на 90 краін сьвету, дзе адкрыліся гэтак званыя «Русские дома». Фармальна арганізацыя зь бюджэтам у 55 мільёнаў эўра займаецца распаўсюдам расейскай мовы, дзеля чаго арганізоўвае моўныя курсы, праводзіць фэстывалі, шырока прадстаўленая ў сацыяльных сетках. У Беларусі «Россотрудничество» мае ажно 4 прадстаўніцтвы (Менск, Гомель, Горадня і Берасьце) і інфармацыйны цэнтар у Магілёве. Сярод іншага, фонд распаўсюджвае «георгіеўскія» стужкі, запрашае беларускіх школьнікаў на прагляды прапагандысцкіх расейскіх фільмаў.
  • Другім па важнасьці інструмэнтам прасоўваньня расейскага ўплыву, паводле Паўла Церашковіча, ёсьць фонд «Русский мир», які мае велізарны бюджэт — каля 130 мільёнаў даляраў. Фонд мае свой часопіс, прадстаўніцтвы ва ўнівэрсытэтах ды іншых установах у больш як 100 краінах сьвету. У Беларусі фонд «Русский мир» мае тры прадстаўніцтвы і два кабінэты — у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна і ў адной зь сярэдніх школ Мёраў.
  • Таксама гісторык зьвярнуў увагу на дзейнасьць у Беларусі «Фонду падтрымкі публічнай дыпляматыі імя А. М. Гарчакова». «Фармальна гэта няўрадавая арганізацыя, але насамрэч ёю кіруе МЗС Расеі. Празь яго надаюць вялікую колькасьць стыпэндыяў, чым карыстаюцца беларускія навукоўцы», — расказаў Павал Церашковіч.


З увагі на дзейнасьць у Беларусі гэтых і іншых арганізацыяў расейскага ўплыву Павал Церашковіч ацаніў становішча з нацыянальнай ідэнтычнасьцю беларусаў як «вельмі небясьпечнае».

«Нападкі на каштоўнасьці беларускай нацыянальнай культуры»

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

З высновамі калегі пагаджаецца кандыдат навук Павал Баркоўскі, які прааналізаваў уплыў на беларускую самасьвядомасьць расейскіх мэдыя і паводзіны беларускага чынавенства. Паводле сацыёлягаў, ад 35 да 40% беларусаў цяпер знаходзяцца пад трывалым уплывам расейскіх СМІ, а на ўнутраным культурным рынку расейскі ўплыў дамінуе.

«Інтэнсіўная прарасейская прапаганда суправаджаецца нападкамі на каштоўнасьці беларускай нацыянальнай культуры, — Павал Баркоўскі згадвае кампанію супраць выставы „беларускіх нячысьцікаў“, якую ініцыявалі адэпты „рускага міру“ дзеля нібыта абароны праваслаўных традыцыяў. — Пад выглядам змаганьня з гэтак званым нэапаганствам фактычна вядзецца барацьба з элемэнтамі традыцыйнай народнай культуры беларусаў».


Стан беларускай мовы дасьледнік ацаніў як катастрафічны: ужо менш за 10% беларускіх школьнікаў навучаюцца па-беларуску, між тым як яшчэ ў 1990 годзе, на момант распаду СССР, такіх было каля чвэрці.

«Беларускую мову рознымі спосабамі спрабуюць выціскаць з публічнай прасторы: вяртаюць расейскае напісаньне назвам вуліц, прыпынкам, на транспарце. Відавочна ўзяты курс на інтэнсіўную русыфікацыю, і гэта толькі ўзмацняецца пачынаючы з 2020 году», — мяркуе Павал Баркоўскі.


Для змаганьня з расейскім уплывам ён прапануе мабілізаваць рэсурсы грамадзтва, у тым ліку той часткі, якая апынулася ў эміграцыі.

«Дыскрэдытацыя постаці Кастуся Каліноўскага»

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

Дасьледнік гістарычнай памяці Аляксей Ластоўскі прааналізаваў асаблівасьці расейскай экспансіі на Беларусь у розныя пэрыяды яе найноўшай гісторыі. Паводле Ластоўскага, да 2013 году Расея пагаджалася на тое, што русыфікацыю прасоўваюць мясцовыя кіраўнікі, адданыя Расеі. «Паводле прынцыпу „сукін сын, але свой“, як адбывалася ў нашай Беларусі», — сказаў дасьледнік. Але ў 2014 годзе пасьля Майдану ва Ўкраіне расейскія ўлады пераканаліся, што гэтая тактыка не дае выніку, і ў Беларусь хлынуў паток расейскіх грошаў, скіраваных на падрыў нацыянальнай ідэнтычнасьці і разбурэньне нацыянальнай памяці — тых фактараў, якія ва Ўкраіне дапамаглі перамагчы «рэвалюцыі годнасьці». Паводле Ластоўскага, расейская ідэалягічная экспансія ў разы павялічылася пасьля 2020 году.

«Гэтак звонку ў паняцьце беларускай гістарычнай памяці была ўведзеная ідэя генацыду беларускага народу на ўзор генацыду савецкага народу падчас мінулай сусьветнай вайны, ідэі, ужо распрацаванай і праверанай у Расеі. Гэтую ідэю падхапіла Генэральная пракуратура Беларусі, і яна хутка стала адной з самых важных у беларускай гістарычнай палітыцы», — мяркуе Аляксей Ластоўскі.

Дасьледнік бачыць «расейскія карані» у замоўчваньні тэмы Курапатаў, масавых рэпрэсіяў сталінскіх часоў, але асабліва ў кампаніі дыскрэдытацыі постаці Кастуся Каліноўскага.

«Працэсы, пра якія кажу, ідуць паступова і нарастаюць, павялічваецца ступень залежнасьці Беларусі ад Расеі. Ёсьць і такая праблема: беларуская прастора адчувае сябе ўсё больш закрытай ад уплыву з захаду. Выбудоўваецца сьцяна паміж Беларусьсю і Эўропай, што вядзе да нарастаньня інтэграцыі з расейскага боку», — прызнаў дасьледнік і выказаўся за тое, каб санкцыі адносна Беларусі ў галіне культуры «разглядаліся інакш», чым палітычныя і эканамічныя, «бо галоўная мэта — усё ж вырваць Беларусь з-пад расейскага ўплыву».

Формы культурніцкага супраціву

Надзея Гарэцкая
Надзея Гарэцкая

Прадстаўніца Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая адзначыла, што, тым ня менш, грамадзкасьць фармуе формы культурніцкага супраціву.

«Мы назіраем унутранае непрыняцьце прарасейскай арыентацыі палітычнага рэжыму, што выяўляецца ў росьце цікавасьці да беларускай нацыянальнай культуры і дэманстратыўным ігнараваньні прапагандысцкіх мерапрыемстваў», — адзначыла дасьледніца. Паводле Надзеі Гарэцкай, зьяўляецца новая хваля беларускаарыентаванай моладзі з эўрапейскімі каштоўнасьцямі — дасьледніца спаслалася на рост беларускага зьместу ў сацыяльных сетках.

Надзея Гарэцкая выказалася за стварэньне магчымасьцяў для абмену ідэямі, прадуктамі культурнай дзейнасьці і досьведам паміж беларусамі, якія апынуліся паабапал мяжы. Паводле Гарэцкай, беларуская моладзь вельмі зацікаўленыя ў спрошчаным атрыманьні візаў у Эўразьвяз для навучаньня, у аднаўленьні перарваных транспартных ліній, у прыватнасьці цягнікоў, маладыя навукоўцы прагнуць магчымасьцяў для прафэсійных кантактаў і абменаў з заходнімі калегамі.

Гэтыя тэндэнцыі пацьвердзіў сваімі дадзенымі Павал Церашковіч.

«Галоўны выбар, галоўнае рашэньне за беларускай моладзьдзю. Калі паглядзець статыстыку, дзе навучаліся і дзе цяпер навучаюцца беларусы, дык гэта не на карысьць Расеі. 10 гадоў таму за мяжой Беларусі вучыліся 40 тысяч студэнтаў, зь іх 77% у Расеі. Але пасьля анэксіі Крыму Расеяй бачна, што пайшоў пералом. І сёньня толькі ў адной Польшчы беларускіх студэнтаў вучыцца больш, чым у Расеі. А агулам у краінах Захаду, куды я далучаю таксама Японію і Паўднёвую Карэю, цяпер навучаюцца 58% ад усіх нашых студэнтаў, якія зьехалі за мяжу на вучобу. То бок моладзь робіць выбар у гэтай геапалітычнай сытуацыі», — мяркуе гісторык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG