На волю выйшла найлепшая адмыслоўца па італьянскай мове ў Беларусі. Расказваем пра Натальлю Дуліну

Натальля Дуліна. Архіўнае фота

21 чэрвеня вызвалілі 14 палітвязьняў пасьля сустрэчы спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Лукашэнкам.

Сярод вызваленых выкладчыца Натальля Дуліна, якія лічыцца найлепшай адмыслоўцай па італьянскай мове ў Беларусі.

Экс-дацэнтцы МДЛУ Дулінай прысудзілі 3,5 года зьняволеньня за камэнтар незалежнаму мэдыя.

Натальля Дуліна скончыла спачатку Менскі тэхналягічны тэхнікум. Пасьля яго — Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт. Стажыравалася ў Італіі ва ўнівэрсытэце гораду Пэруджы. У Лінгвістычным выкладала італьянскую мову 29 гадоў — да звальненьня восеньню 2020 году з палітычных матываў.

Дуліна лічыцца адным з найлепшых адмыслоўцаў па італьянскай мове ў Беларусі.

У жніўні 2020 году Натальля Дуліна падтрымала пратэсты. 1 верасьня 2020 году выкладчыца адмяніла свае заняткі ў Лінгвістычным.

26 кастрычніка была студэнцкая акцыя каля БДУ, падчас якой Натальлю затрымалі і пасадзілі на 14 сутак. З працы яе пасьля гэтага звольнілі.

Усяго па адміністрацыйных справах, пачынаючы з 2020 году, Натальлю затрымлівалі 6 разоў, у асноўным на 15 сутак, па надуманых абвінавачваньнях.

3 кастрычніка 2022 году затрымалі ўжо па крымінальнай справе — у кватэру ўварваліся ня менш як 6 сілавікоў са зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі

«У яе жывуць чатыры каты, якіх Наташа падабрала з вуліцы»

Сяброўка Натальлі, якая ведае яе шмат гадоў, кажа, што яна вельмі душэўны, добры чалавек.

«Яна страшэнна любіць жывёлінак, у яе жывуць чатыры каты, якіх Наташа падабрала з вуліцы.

Мяккасьць і інтэлігентнасьць у ёй невераемным чынам спалучаюцца з жалезнай воляй, вернасьцю сваім перакананьням і нязломнасьцю.

У Наташы надзвычай кранальныя дачыненьні зь ейнай мамай — яны бязьмежна любяць адна адну і клапоцяцца», — заўважае сяброўка.

Былы студэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ўзгадвае, як Натальля прышчапляла сваім вучням любоў да італьянскай мовы і да Італіі.

«Вы не ўяўляеце, як гарэлі яе вочы, як захапляльна яна расказвала пра Італію! На занятках у Натальлі Алегаўны ніколі не было сумна і нудна. Яна нам выкладала ня проста граматыку, правілы, асаблівасьці вымаўленьня. Яна паралельна прыводзіла прыклады з італьянскай літаратуры, паказвала нам творы мастацтва, расказвала пра скульптуру, жывапіс. Мы гулялі ў інтэрактыўныя гульні, разыгрывалі сцэнкі. Я ў Італію закахаўся толькі дзякуючы Натальлі Алегаўне.

А калі да нас прыехалі італьянцы, яны былі зьдзіўленыя яе дасканалым вымаўленьнем і ня верылі, што яна беларуска», — кажа былы студэнт.

«Зьехаць — значыць выйсьці з зоны камфорту»

Сілавікі адкрытым тэкстам пыталіся ў Натальлі, чаму яна не зьяжджае, ведаючы замежныя мовы і маючы шмат сяброў за мяжой.

«Чаму ты не зьяжджаеш?» Я не хачу рабіць ім на руку. Хтосьці павінен заставацца! Я ж не небясьпечная, я толькі кажу, што думаю.

Ну не хачу я зьяжджаць! І мяне абурае, што хтосьці вырашае за мяне, што мне рабіць.

Зьехаць — значыць выйсьці з зоны камфорту. Ва ўсіх адносінах. Па-першае, трэба неяк уладкавацца ў чужой краіне, у незнаёмай абстаноўцы, а гэта няпроста. І потым, тут — родныя. Як іх пакінуць? А раптам нешта зь імі здарыцца? Ніколі ж сабе гэтага не даруеш...

Але галоўнае — быць там, дзе адбываецца нешта важнае. Адбываецца з намі, з нашай краінай. З тым, што мы перажылі і зараз ня можам вось так кінуць, абарваць«, — так Натальля тлумачыла, чаму яна нікуды ня зьедзе.

«Маё жыцьцё працягваецца, і я не зьбіраюся нікому яго аддаваць»

За кратамі Натальля трымалася вельмі годна. Так гавораць яе сукамэрніцы па адміністрацыйных справах, якія сядзелі разам з Натальляй на Акрэсьціна і ў Магілёўскім СІЗА.

«Нават знакаміты раней „буйны“ супрацоўнік ЦІПу Яўген Урублеўскі, які спачатку дазваляў сябе грубасьць і непрыстойнасьці, пасьля таго, як Натальля яго прысароміла, паводзіў сябе цішэй вады, ніжэй травы. Натальля ўмела вельмі зьедліва, але прыстойна і годна паставіць самых адпетых вертухаяў на месца», — расказала яе былая сукамэрніца па ЦІП.

Адразу пасьля затрыманьня па крымінальнай справе ў лісьце да сяброўкі Натальля напісала з «Валадаркі»:

«Я ні пра што не шкадую. Тут мне цалкам камфортна, настрой спакойны, я не прысьпешваю час, ён і так ляціць хутка.

Я проста жыву. Маё жыцьцё працягваецца, і я не зьбіраюся нікому яго аддаваць. Усё, у чым могуць мяне абвінаваціць, — адкрытая інфармацыя, пра гэта ўсе ведаюць, і мне няма чаго хаваць.

Таму мне лёгка. Можна сказаць, што я амаль шчасьлівая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зазулінская: Працяг перасьледу не выгадны нікому, і прадстаўнікі рэжыму гэта добра разумеюць