Ціханоўская пра тое, ці трэба перастаць жыць 2020 годам, ці назвала б яна сябе фэміністкай і чаму лічыць дзіўнаю заяву Навальнай

Сьвятлана Ціханоўская, красавік 2025

Ці трэба перастаць жыць 2020 годам? Ці Сьвятлана Ціханоўская можа назваць сябе фэміністкай? Якія выклікі стаяць перад жанчынамі ў 2025 годзе?

Ці трэба перастаць жыць 2020 годам? Ці Сьвятлана Ціханоўская можа назваць сябе фэміністкай? Якія выклікі стаяць перад жанчынамі ў 2025 годзе? Пра гэта ды іншае Свабода пагаварыла зь лідэркай дэмакратычных сілаў Беларусі падчас форуму «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі – 2025», які прайшоў 16–17 чэрвеня ў Стакгольме.

Сьцісла

  • Мы павінны вяртацца ў 2020 год, каб зноў адчуць моцнае адзінства.
  • Я бачу на практыцы, што жанчыны могуць больш працаваць, што яны могуць быць розназадачныя, што яны больш, чым мужчыны, гатовыя ахвяраваць уласным жыцьцём дзеля справы.
  • Трэба захаваць і нават узмацніць рэдакцыі Радыё Свабода.

Пра тое, ці трэба беларусам перастаць жыць 2020 годам

— Сытуацыя, вядома ж, зьмянілася, і нам перш за ўсё трэба жыць ужо ў будучыні, разумець, як мы будуем нашу Беларусь. Трэба думаць галавой, а сэрцам мы павінны жыць у 2020 годзе. Бо ўсе эмоцыі, усе адчуваньні, празь якія мы прайшлі ў 2020 годзе, і сталі тым штуршком для ўздыму беларускай нацыі. І мы не павінны пра гэта забываць. Мы павінны вяртацца ў 2020 год, каб зноў адчуць моцнае адзінства, каб адчуць боль адно за аднаго, каб адчуць вялікую хвалю салідарнасьці. Бо час ад часу гэта траціцца, бо людзі зьяжджаюць, людзі ня бачаць адно аднаго, не адчуваюць адно аднаго. І каб узьняць гэтыя эмоцыі, трэба вярнуцца туды. Калі ты бачыў прыгожых дзяўчат вакол сябе, калі ты стаяў пад Акрэсьціна і патрабаваў вызваленьня палітвязьняў… Успомніць той уздым і несьці яго з сабой. Думаць аб праблемах цяперашніх, думаць пра будучыню, але ж эмоцыі даставаць з тых часоў.

Пра асноўныя праблемы, якія стаяць перад жанчынамі ў палітыцы і грамадзкай дзейнасьці

— Я ўвогуле радая, што паўстаюць пытаньні такога кшталту наконт жанчын, бо да 2020 году пытаньняў аб гендэрнай роўнасьці, аб правах жанчын не паўставала, акрамя, можа, вельмі вузкіх фэміністычных групаў. 2020 год стаў вялікім штуршком увогуле для дэмакратызацыі Беларусі, а дэмакратызацыя – гэта таксама роўныя правы жанчын і мужчын. Вельмі важна, што зараз гэтыя пытаньні паўстаюць, што жанчыны ўсьведамляюць сябе вартымі большых роляў. Цяпер жанчыны пераасэнсоўваюць тое, як яны ўплываюць ня толькі на палітыку, але і на грамадзянскую супольнасьць. Жанчыны, можа, выпадкова, бяруць на сябе лідэрскія пазыцыі ў шматлікіх ініцыятывах, бо яны адчуваюць у гэтым патрэбу. Яны нават ня думаюць, ці могуць яны гэта пацягнуць, яны бяруцца і робяць, а потым задаюць сабе пытаньне: «Чаму я гэтага не рабіла раней? Бо я не адчувала столькі моцы. Ніколі ня думала, што я змагу гэта зрабіць».

Я кажу, што калі гісторыя ставіць цябе ў абставіны, дзе ты павінна ўзяць на сябе вядучую ролю, ты як жанчына бярэш і робіш. І ўсё больш і больш жанчыны пытаюцца, чаму мы столькі робім, а атрымліваем менш, ці чаму мы няўпэўнена сябе адчуваем побач з мужчынамі. Гэта эвалюцыя жанчын. І людзі, асабліва тыя, хто цяпер за мяжой, могуць бачыць, як жанчыны праяўляюць сябе ў дэмакратычным, эўрапейскім грамадзтве. Ёсьць да чаго імкнуцца.

Пра тое, ці яна лічыць сябе фэміністкай

— Можа, калі б я на сваіх плячах ня несла такі вялікі цяжар іншых праблем, больш глябальных, то, магчыма, я б магла рухацца і ў гэтым кірунку. Я, вядома, выступаю за большыя магчымасьці для жанчын, за гендэрную роўнасьць, але я ня вельмі глыбока абазнаная ў гэтым пытаньні. Проста я бачу на практыцы, што жанчыны могуць больш працаваць, што яны могуць быць розназадачныя, што яны больш, чым мужчыны, гатовыя ахвяраваць дзеля справы ўласным жыцьцём ці сваім вольным часам. То бок на практыцы відавочна, што жанчыны, можа, больш працаздольныя ў нейкім інтэлектуальным пляне. І сярод эўрапейскіх палітычных лідэрак я бачу вельмі шмат жанчын. У грамадзянскай супольнасьці жанчыны праяўляюць больш эмпатыі. Жанчыны здольныя больш канструктыўна размаўляць, дыскутаваць, яны ня будуць нападаць адна на адну.

Калі я выступаю ў панэльных дыскусіях, я бачу, што жанчыны перадаюць словы адна адной, узгадваюць адна адну, каб падтрымаць. Гэта такое памяркоўнае лідэрства без выпінаньня сябе. Жанчыны ўсё ж больш сацыяльныя, здольныя камунікаваць паміж сабой.

Пра заклік Юліі Навальнай да Эўразьвязу падтрымліваць расейскія мэдыя ў выгнаньні, а ня Радыё Свабода

— Увогуле гэта была дзіўная заява ад Юліі Навальнай, хоць я паважаю яе працу ў расейскай апазыцыі. Яны намагаюцца зьмяніць сытуацыю ў сваёй краіне. Але гэта прымяншэньне значэньня такіх гігантаў, як Радыё Свабода, якое ўсе гэтыя гады адыгрывала велізарную ролю ў інфармаваньні беларусаў ці іншых нацыяў. Гэта для нас вельмі істотная крыніца праўдзівай інфармацыі. І мы ўсімі сіламі павінны захаваць, можа нават узмацніць рэдакцыі Радыё Свабода, каб яны працягвалі працу. Нават назва Свабода – гэта тое, да чаго мы імкнемся. І ўвогуле ніякую свабоду руйнаваць нельга.

  • На форуме «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025» у Стакгольме абмяркоўвалі палітычнае лідэрства і абарону правоў чалавека. Падчас форуму лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і міністарка замежных справаў Швэцыі Марыя Мальмэр Стэнэргард абвесьцілі пра заснаваньне праграмы разьвіцьця жаночага лідэрства. Праграму падтрымаў швэдзкі ўрад.
  • 10 жанчын-лідэрак былі адабраныя праз конкурс для ўдзелу ў праграме. Сярод іх журналісткі, грамадзкія дзяячкі, праваабаронцы і дзяячкі культуры. Іх чакае інтэнсіўная праграма – з сустрэчамі і трэнінгамі ў розных краінах.
  • Акрамя таго, на сустрэчы зь Ціханоўскай міністарка заявіла, што Швэцыя павялічыць падтрымку незалежных мэдыя, вылучыць падтрымку для Радыё Свабода, Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, праваабарончых і культурніцкіх ініцыятываў, грамадзянскай супольнасьці. Таксама анансавалі, што Швэцыя разам зь беларускімі праваабаронцамі запусьціць праграму дзіцячых летнікаў для дзяцей палітзьняволеных.